КАРАВА́ЙНЫЯ ПЕ́СНІ,
вясельныя песні, прысвечаныя вясельнаму рытуальнаму хлебу—караваю. Найб. пашыраны ў беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі вядомы ўсюды, але значна пераважаюць на Палессі. Тут яны адлюстроўваюць усе моманты каравайнага абраду: «як матка маладой (маладога) запрашае каравайніц гатаваць каравай», «як каравай расчыняюць», «як яго месяць», «як саджаюць у печ», «як каравай пячэцца», «як яго з печы вынімаюць», «як пільнуюць каравай, каб хлопцы не ўхапілі», «як ставяць каравай на стол», «як упрыгожваюць яго», «як нясуць каравай з дому маладога ў дом маладой», «як аб’ядноўваюць абодва караваі (маладога і маладой)», «як крояць каравай», «як яго дзеляць», а таксама шмат песень, якія ўхваляюць сам каравай, урачыстых і жартаўлівых песень-зваротаў да каравайніц. Напевы К.п. прыўзнята «буйнага» характару са звонкімі воклічамі; пераважаюць тыпавыя, агульныя для многіх вясельных песень, але ёсць і спецыфічныя (напр., «Да рана-рана нешта ў лесе звінела»).
Публ.:
Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;
Вяселле: Песні. Кн. 2. Мн.,1981;
Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.
З.Я.Мажэйка.
т. 8, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)